ЦЯСЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

будаўнічыя работы па вырабе і ўстаноўцы драўляных канструкцый і дэталей. Характарызуюцца менш дакладнай (у адрозненне ад сталярных работ) апрацоўкай вырабаў з драўніны.

Да Ц.р. адносяцца работы па ўзвядзенні драўляных фундаментаў (паляў), сцен, перагародак, падлог, элементаў каркасаў і перакрыццяў будынкаў, дахаў, а таксама па вырабе драўляных канструкцый інж. збудаванняў (мастоў, плацін, эстакад, горных мацаванняў), дапаможных прыстасаванняў (буд. рыштаванняў, апалубкі і інш.), па зборцы шчытавых дамоў і г.д. Пры Ц.р. выкарыстоўваюць дыскавыя электрапілы, электрасвердлы, інш. дрэварэзальны інструмент, ручныя машыны (гл. Сталярна-цяслярскі інструмент). Элементы канструкцый злучаюць паміж сабой пераважна ўрубкамі, спец. стрыжнямі (нагелямі), цвікамі і водатрывалымі кляямі. Даўгавечнасць драўляных вырабаў і канструкцый павышаюць апрацоўкай антысептычнымі сродкамі і інсектыцыдамі, нанясеннем вогнеахоўных пакрыццяў.

Літ.:

Крейндлин Л.Н. Плотничные работы. 4 изд. М., 1985.

т. 17, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)